ФІЛАСО́ФІЯ ГІСТО́РЫІ,

гуманітарная дысцыпліна, якая даследуе гіст. рэальнасць і праблемы гіст. пазнання. Вывучае аб’ектыўныя заканамернасці і духоўна-маральны сэнс гіст. працэсу, прызначэнне і шляхі рэалізацыі сутнасных сіл чалавека ў гісторыі. У адрозненне ад гістарыяграфіі, Ф.г. выконвае ролю тэарэт. асэнсавання гісторыі.

Некат. даследчыкі лічаць, што Ф.г. ўзнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе былі распрацаваны важныя для разумення гісторыі і пабудовы гіст. ведаў катэгорыі (рух, развіццё, узаемадзеянне асобы і грамадства). Але стараж.грэч. ўяўленні, паняцці і катэгорыі не склаліся ў закончаную сістэму філас. поглядаў на гіст. рэальнасць. У перыяд ранняга хрысціянства ўзнікла перыядызацыя гістарычная, сфармулявана ідэя гіст. прагрэсу (Аўгусцін), гіст. падзеі пачалі асэнсоўвацца з хрысц.-тэалагічных пазіцый: гісторыя ствараецца людзьмі, але ў яе аснове ляжыць Божая задума. Перадумовы стварэння ўласна Ф.г. ўзніклі ў 16—18 ст. (Ж.​Бадэн, Ф.​Бэкан, Т.​Гобс і інш.). Вальтэр упершыню ўжыў тэрмін «Ф.г.», пад якім разумеў універсальны агляд чалавечай культуры; у сваёй працы «Філасофія гісторыі» (1765) ён адмаўляў правідэнцыялізм і разглядаў гісторыю як творчасць людзей, а не выяўленне волі Бога. Дж.Віка прапанаваў ідэю аб’ектыўнага характару гіст. развіцця і распрацаваў гістарычнага кругавароту тэорыю. У 18—19 ст. Ф.г. развівалася пераважна ў выглядзе агульнай тэорыі гіст. развіцця.

І.​Г.​Гердэр разглядаў Ф.г. як спец. дысцыпліну, якая вывучае агульныя праблемы гісторыі і заклікана адказаць на пытанні, ці існуюць станоўчыя і нязменныя законы развіцця чалавечага грамадства і якія яны. Найвышэйшым дасягненнем традыц. Ф.г. стала тэорыя Г.Гегеля, які лічыў гал. крыніцай грамадскага развіцця аб’ектыўны розум, сусв. дух, абсалютную ідэю, што праходзілі розныя ступені свайго самаразвіцця. У 2-й пал. 19 ст. прадстаўнікі пазітывізму крытыкавалі традыц. Ф.г. і прапаноўвалі замяніць яе сацыялогіяй. Г.​Рыкерт вылучыў 3 значэнні тэрміна «Ф.г.»: усеагульная гісторыя (абагульненне гіст. працэсу і звядзенне «асобных» гісторый у адзіную сусветную); вучэнне аб прынцыпах гіст. быцця і пошуку сэнсу гісторыі; логіка гіст. пазнання. Яго трактоўку Ф.г. развівалі ў сваіх працах зах.-еўрап. і амер. філосафы, але зводзілі яе да гіст. тэорыі пазнання ці логікі і метадалогіі гісторыі (Р.​Дж.Колінгвуд, аналітычная філасофія і інш.).

У працэсе станаўлення як асобнай дысцыпліны Ф.г. набыла канцэптуальнае афармленне ў 3 асн. тэарэт. мадэлях. Метафізічная мадэль Ф.г. ўключае анталагічную праблематыку: вучэнне пра гіст. рэальнасць і гістарычны працэс, праблемы логікі гіст. развіцця, гіст. законаў і заканамернасцей, гіст. прагрэсу і рэгрэсу, свабоды і неабходнасці, сэнсу гісторыі (Гердэр, Гегель, М.А.Бярдзяеў, Ф.​Франк, М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Ідэя адзінства і разнастайнасці сусв. гіст. працэсу, пакладзеная ў аснову гэтай мадэлі, стала сістэмаўтваральнай для ўзнікнення фармацыйнай тэорыі марксізму, канцэпцыі лакальных цывілізацый (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.​Дж.Тойнбі), тэорый мадэрнізацый (Х.Парсанс, С.​М.​Ліпсет і інш.) і пасіянарных цыклаў (Л.М.Гумілёў) і інш. Эпістэмалагічная мадэль разглядае праблемы гіст. пазнання і ведаў, лагічнай структуры гіст. думкі, гіст. разумення і тлумачэння, метадалогіі і інтэрпрэтацыі гіст. крыніц, гіст. ісціны і навук. мадэліравання гіст. падзей (бадэнская шкала неакантыянства, неапазітывізм, К.​Г.​Гемпель, У.​Дрэй, А.С.Лапа-Данілеўскі, У.М.Хвастоў, Р.Ю.Біпер, М.М.Кавалеўскі, Г.​Г.​Шпет і інш.). Антрапалагічная мадэль сінтэзуе анталагічны і эпістэмалагічны падыходы ў Ф.г., акцэнтуе ўвагу на праблемах чалавечага быцця і свядомасці, выступае за міждысцыплінарнае даследаванне гісторыі (Г.П.Фядотаў, А.​Я.​Гурэвіч і інш.). Спалучэнне метафіз., эпістэмалагічнай і антрапал. мадэлей характэрна для тэорыі «ўсеадзінства» Л.Л.Карсавіна і тэорыі «культурнага сінтэзу» Э.​Трольча.

У сав. гуманіт. думцы Ф.г. не лічылася самаст. дысцыплінай. Філас.-гіст. праблематыка распрацоўвалася ў межах гістарычнага матэрыялізму (М.​А.​Барг, У.​Ж.​Келе, В.​І.​Мішын, Дз.​І.​Часнакоў і інш.). Да 1980-х г. у межах марксісцкай тэорыі вызначылася тэндэнцыя да абгрунтавання ўласнага статуса Ф.г. як гнасеалогіі, метадалогіі і логікі гісторыі (А.​І.​Ракітаў і інш.). У 1990-я г. на Беларусі тэарэт. праблемы Ф.г. і новыя метады гіст. даследаванняў распрацоўваюць У.​С.​Кошалеў, А.​М.​Нечухрын, У.​Н.​Сідарцоў і інш.

Літ.:

Гердер И.Г. Идеи к философии истории человечества: Пер. с нем. М., 1977;

Коллингвуд Р.​Дж. Идея истории: Автобиогр.: Пер. с англ. М., 1980;

Лооне Э.Н. Современная философия истории. Таллинн, 1980;

Бердяев Н.А. Смысл истории. М., 1990;

Гегель Г.В.Ф. Лекции по истории философии: Пер. с нем. Кн. 1—3. СПб., 1993;

Гобозов И.А. Введение в философию истории. М., 1993;

Карсавин Л.П. Философия истории. СПб., 1993;

Философия истории: Антология. М., 1995;

Арон Р. Избранное: Введение в философию истории: Пер. с фр. М.; СПб., 2000;

Русанова О.Ф. Философия и методология истории в XX в. Екатеринбург, 2000.

У.​С.​Кошалеў.

т. 16, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)